Букмекеры прайгралі разам з БАТЭ
А ў гатэлі Crowne Plaza, як даведалася Еўрарадыё, "Барселона" атрымала зніжку.
Нягледзячы на тое, што БАТЭ прайграў, расчараваўшы фанатаў і букмекераў, Еўрарадыё вырашыла высветліць, хто ўсё ж такі атрымаў ад гульні задавальненне і прыбытак.
У адной з найбуйнейшых букмекерскіх кантор Мінска дзеляцца, што самая неверагодная стаўка была зробленая на… перамогу БАТЭ!
"Больш за ўсё неверагоднасці, можа быць, нават не ў самой стаўцы, а ў суме, – распавядае намеснік дырэктара па сувязях з грамадскасцю Віктар. – Адзін чалавек паставіў 2,5 мільёны на БАТЭ. У выпадку выйгрышу ён бы зарабіў 37 мільёнаў 500 тысяч".
На жаль, такі патрыятычны "унёсак" заўзятага фаната БАТЭ на агульную колькасць ставак ніяк не паўплываў, букмекеры засталіся "у мінусе".
"Букмекеры на гэтым матчы прайгралі – працягвае Віктар. – Прайгралі многа. У асноўным, ставілі на перамогу "Барселоны". Уключалі ў экспрэсы. Таму агульную суму вельмі цяжка назваць, але сумы значныя. Калі браць нашу кантору – гэта не адзін мільён рублёў, і нават не адзін дзясятак".
Дырэктар стадыёна "Дынама" Уладзімір Вільчынскі тлумачыць Еўрарадыё, што дзяржаўнае прадпрыемства "Мінскі стадыён "Дынама" мае адпаведныя тарыфы, па якіх, здаецца, дзяржаўная маёмасць і не зарабляе на аншлагу.
"Усё роўна: будзе гэта 20 чалавек, ці 30 тысяч. Разумееце, у чым справа? У мяне ёсць тарыфы, ёсць расцэнкі дзяржаўнай маёмасці, і мне ад гэтай напаўняльнасці, выбачайце, ні холадна, ні горача. Вядома, калі поўны стадыён – гэта прыгожа і добра глядзіцца. А калі футбалісты гуляюць пры напаўпустым стадыёне – гэта дрэнна".
Калі памножыць сярэдні кошт квітка – 120 тысяч рублёў – на колькасць прысутных, а гэта 29 тысяч 500 чалавек, атрымліваецца, што квіткоў прадалі на 400 тысяч долараў.
Тады Еўрарадыё вырашыла даведацца, колькі зарабілі на продажы сувенірнай прадукцыі БАТЭ? Бо звычайны шалік, які на пачатку года каштаваў 35-50 тысяч рублёў, у дзень матча прадавалі ўжо за 100 тысяч. Такую розніцу ў коштах у прэс-службе БАТЭ аргументуюць не жаданнем зарабіць, а курсам долара.
"Які курс быў на пачатку года? А зараз вырас у 2-2,5 разы. А ўся гэтая прадукцыя замаўлялася не сёння, а тады, калі курс быў 8-9 тысяч, і не было ні валюты, нічога. Адсюль і кошт. Гэта ўсё вырабляецца не ў Беларусі: Расія, Польшча, Турцыя", – тлумачыць прадстаўнік прэс-службы БАТЭ Віктар Хадасевіч.
Як распавялі Еўрарадыё у гатэлі "Crowne Plaza", дзе спыніліся футбалісты, каманду Барселоны суправаджаў асабісты кухар. Сумесна з шэф-кухарам гатэля яны складалі меню для футбалістаў. Пасля матча "Барселона" наведала рэстаран гатэля - Dolce Vita.
"У каманды былі вельмі сур’ёзныя патрабаванні да меню, якое было выслана напярэдадні прыезду, – адзначае мэнэджар гатэля Дзяніс Казлоў. - А таксама былі высокія патрабаванні па бяспецы".
Да таго ж за два месяцы да прыезду каманды гатэль наведалі прадстаўнікі футбольнага клуба з інспекцыяй. Але засталіся цалкам задаволеныя якасцю сэрвісу ў Crowne Plaza Minsk.
Для каманды "Барселоны" было забраніравана 78 нумароў: стандартныя і класа люкс, улічваючы Прэзідэнцкі нумар.

Прэзідэнцкі нумар
Як даведалася Еўрарадыё, гатэль Crowne Plaza Minsk, дзе жылі футбалісты "Барселоны", быў заняты на 70%. У каманды была спецыяльная зніжка.
"Агалошваць яе я не маю права. Гэта канфідэнцыйная інфармацыя".