Былы дарадца прэм’ера Літвы стаў дэканам у ЕГУ

Інфармацыю пра новае месца працы Віргініюса Валенцінавічуса, экс-дарадцы прэм’ера Літвы Андруса Кубілюса, распаўсюдзіла агенцтва Baltic News Service. На гэтай пасадзе Валенцінавічус змяніў журналіста і пісьменніка Віктара Марціновіча. Пасля сыходу Марціновіча пасада была вакантная каля года.

Валенцінавічус назваў Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт “доўгатэрміновай інвестыцыяй у развіццё суседняй Беларусі”.

Новы дэкан ЕГУ вядомы ў Літве і як журналіст. Ён працаваў 9 гадоў на літоўскім “Радыё Свабода”, пасля займаў пасады галоўнага рэдактара ў некаторых літоўскіх СМІ. Паводле адукацыі Валенцінавічус філосаф, мае акадэмічную ступень доктара навук.

Студэнты-палітолагі ЕГУ пазнаёмяцца са сваім новым дэканам ужо на сесіі ў лютым.

Фота — mixnews.lv