Цэнтрвыбаркам адмовіў апазіцыі
Апазіцыянеры кажуць, што адмоўны адказ ЦВК не стаў нечаканым.
ЦВК адмовіў прадстаўнікам шэрагу беларускіх палітычных партый і грамадскіх аб'яднанняў правесці грамадскае абмеркаванне прапаноў аб унясенні паправак у выбарчае заканадаўства. Пра гэта БелаПАН паведаміў лідар Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.
У адказе, падпісаным кіраўніцай ЦВК Лідзіяй Ярмошынай, адзначаецца, што "праект нарматыўнага прававога акта можа быць вынесены на публічнае... абмеркаванне на падставе рашэння дзяржаўнага органа... упаўнаважанага прымаць... нарматыўныя прававыя акты. У адпаведнасці з законам Цэнтральная камісія не з'яўляецца такім органам".
Акрамя таго, заявілі ў ЦВК, заканадаўства Беларусі не прадугледжвае правядзенне экспертызы законапраектаў БДІПЧ АБСЕ і Венецыянскай камісіяй.
Заява аб правядзенні грамадскага абмеркавання паправак у выбарчае заканадаўства была падпісана Партыяй БНФ, Беларускай партыяй левых "Справядлівы свет", Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыяй (Грамада), Беларускай партыяй "Зялёныя", кампаніяй "Гавары праўду!" і рухам "За Свабоду".
Падпісанты заявы лічаць, што шэраг выпрацаваных ЦВК прапаноў "патрабуюць сур'ёзнага і грунтоўнага абмеркавання з зацікаўленымі бакамі", а "мэтазгоднасць некаторых з апублікаваных прапаноў выклікае сур'ёзныя сумненні".
У прыватнасці, лічаць яны, патрабуюць абмеркавання: прапанова аб наданні права вылучэння кандыдатаў у дэпутаты рэспубліканскім грамадскім аб'яднаннем з колькасцю членаў не менш як 1000 чалавек; адмова ад дзяржаўнага фінансавання расходаў на перадвыбарную агітацыю і перавод яе поўнасцю на забеспячэнне за кошт перадвыбарных фондаў; ідэя выключыць агітацыю за няўдзел у выбарах з катэгорыі перадвыбарнай агітацыі.
Апазіцыйныя структуры прапанавалі апублікаваць у СМІ тэкст прапаноў аб унясенні зменаў у Выбарчы кодэкс; правесці грамадскае абмеркаванне прапаноў, у тым ліку праз арганізацыю грамадскіх слуханняў з удзелам дзяржаўных органаў, палітычных партый і рэспубліканскіх грамадскіх аб'яднанняў; накіраваць прапановы на экспертызу ў БДІПЧ АБСЕ і Венецыянскую камісію Савета Еўропы.
Фота — bymedia.net