Чаму БАТЭ не можа ўзмацніцца перад матчамі з “Барселонай” і “Міланам”?
БАТЭ зарабіў 7 млн. еўра, але перад матчамі Лігі чэмпіёнаў не можа набыць новых футбалістаў, бо наша трансфернае акно закрываецца на месяц раней, чым у Еўропе.
“Чатыры беларускія клубы па-рознаму стартуюць у еўракубках. Ліга чэмпіёнаў ці Ліга Еўропы, нехта ідзе з групавога раўнда, нехта з адборачнага. Трансфернае акно мае пэўны тэрмін, абмежаваны ФІФА, таму задаволіць усе каманды мы не можам”, — кажа начальнік упраўлення па правядзенні спаборніцтваў Беларускай федэрацыі футбола Аляксандр Баранаў.
Перад пачаткам сезона тэрмін трансфераў з 1 па 28 ліпеня быў узгоднены з усімі клубамі, што прадстаўляюць Беларусь у еўракубках. У тым ліку і з БАТЭ. Цяпер жа нешта змяніць нерэальна, бо гэта не тур чэмпіянату перанесці — усё даўно ўзгоднена з ФІФА.
Баранаў кажа, што трансфернае акно можа змяніцца разам з пераводам чэмпіянату на цыкл “восень-вясна”. А для таго патрэбнае прынцыповае рашэнне Федэрацыі футбола, якое залежыць як ад колькасці каманд ва ўнутраным чэмпіянаце, так і ад выступаў зборнай.
“Калі кіраўніцтва скажа, што трэба трансфармавацца ў бок Еўропы, — гэта адно. Калі кіраўніцтва скажа, што тры кругі нас задавальняюць, а якасць палёў не дазваляе змяніць цыкл, то будзем працаваць у гэтых умовах”.
Два тыдні таму пакінуў БАТЭ і перайшоў у маскоўскае “Дынама” абаронца Ігар Шытаў. Цяпер маскоўскі клуб актыўна цікавіцца Паўлам Няхайчыкам. Траўмаваныя Віталь Радзівонаў і Арцём Канцавы. Але набыць каго-небудзь ці ўзяць у арэнду на месца ключавых гульцоў БАТЭ не можа.
Агент Шытава Мікалай Шпілеўскі не разумее, чаму беларускія правілы адрозніваюцца ад міжнародных.
“Тое, што трансфернае акно ў Беларусі не супадае з міжнародным, ненармальна! Зараз БАТЭ патрэбнае нейкае ўзмацненне. І магчымасці, і жаданне ў клуба ёсць, але няма такога закона, які б дазваляў ім узмацніцца”.
На думку Шпілеўскага, раней, можа, і не было патрэбы ў тым, каб беларускае трансфернае акно супадала з еўрапейскім. Але разам з ростам узроўню беларускіх футбалістаў расце і цікавасць да іх з боку замежных клубаў. А несупадзенне трансферных тэрмінаў у Еўропе і ў Беларусі ідзе толькі ў мінус беларускаму футболу.
“Трэба падладжвацца пад еўрапейскія нормы і параметры. Зараз узровень беларускага футбола расце, і людзі мусяць рабіць пераходы паводле агульных правілаў, а не толькі кіруючыся цыклам “вясна-восень” ці “восень-вясна”. Для такога няма ніякіх падставаў”.
Баранаў не выключае, што з прыходам новага старшыні ў Федэрацыі футбола могуць узнікнуць нейкія рэвалюцыйныя ідэі. І наконт змены трансфернага акна ў тым ліку. Пакуль жа БАТЭ скардзіцца, што не можа ўзмацніцца перад еўракубкамі, а Федэрацыя футбола папярэдне вызначыла тэрміны трансфераў на наступны сезон. Яны такія ж, што і дзейнічаюць зараз. У Федэрацыі кажуць, што павінны ўлічваць інтарэсы ўсіх клубаў, а не толькі тых, хто гуляе ў міжнародных турнірах.
Застаецца толькі спадзявацца, што такі давер да не барысаўскіх клубаў нарэшце выльецца і ў вынік на міжнароднай арэне.
Фота: goals.by