Часопісу "Архэ" зноў адмовілі ў перарэгістрацыі
Мінінфармацыі ў чацвёрты раз адмовілася ўнесці змены ў звесткі аб рэгістрацыі выдання, што ставіць пад пытанне захаванне часопіса.
Як паведамляе прэс-служба Беларускай асацыяцыі журналістаў, у рашэнні адзначаецца, што рэдакцыя нібыта не пазначыла інфармацыю аб перапрызначэнні галоўным рэдактарам Валерыя Булгакава. У сваю чаргу аўтары часопісу "Архэ" называюць рашэнне рэпрэсіўным, накіраваным на знішчэнне выдання.
Нагадаем, у верасні 2012 года ў Гродне на прэзентацыі "Архэ" падаткавікі здзейснілі кантрольную закупку друкаванай прадукцыі, на якую не было адпаведных дакументаў. Валерый Булгакаў быў аштрафаваны за "незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць" на 500 тысяч рублёў. У яго канфіскавалі 200 часопісаў і кніг, а таксама прыбытак ад продажу часопіса на агульную суму 875 тысяч рублёў. Дэпартамент фінансавых расследаванняў арыштаваў рахунак часопіса "Arche". У кастрычніку стала вядома, што праваахоўнікі забралі ў Лагойскім раёне больш за 5 тысяч кніг і асобнікаў часопіса "Архэ". Іх адправілі на паўторную экспертызу, узнікла пагроза крымінальнай справы. Пасля гэтага Булгакаў з'ехаў з краіны, а выконваць абавязкі галоўнага рэдактара стаў гісторык Аляксандр Пашкевіч.
У сакавіку стала вядома, што крымінальнай справы супраць Валерыя Булгакава не будзе.
На здымку: Валерый Булгакаў і гісторык Аляксандр Пашкевіч. Фота — gs.by

