“Чортава кола” у брэсцкім парку дэмантуюць
Самы рамантычны атракцыён Брэста прыпыніў працу з-за адсутнасці грошай на рамонт, піша "Вечерний Брест".
Яшчэ ў красавіку гэтага году атракцыён не прайшоў тэст на прыдатнасць да эксплуатацыі. Тады спецыяльная камісія забараніла яго выкарыстоўваць. Адна ўкраінская фірма папрасіла за рамонт 200 тысяч долараў. “Парку культуры і адпачынку” прыйшлося адмовіцца ад такой прапановы.
Кіраўніцтва парку падлічыла, што больш выгадна набыць новы атракцыён: яго кошт на той час складаў каля 850 мільёнаў беларускіх рублёў (прыкладна 280 тысяч долараў). Але на сённяшні дзень кошт ва ўмоўных адзінках вырас да 400 тысяч, а ў беларускіх рублях — да двух мільярдаў. Сітуацыя на валютным рынку не дазваляе ўзяць крэдыт ні ў нацыянальнай, ні ў замежнай валюце. Засмучае і тое, што ў Беларусі гэты від атракцыёнаў не вырабляецца.