Дачку экс-кандыдата ў прэзідэнты звольнілі з працы

Падчас прэзідэнцкай кампаніі Кацярына была актывісткай у камандзе свайго бацькі, Рыгора Кастусёва. Экс-кандыдат лічыць, што дачку звольнілі з-за яго палітычнай дзейнасці. 


Як адзначае Радыё "Свабода", Кацярына Кастусёва скончыла сярэднюю школу з залатым медалём, а музычную вучэльню і акадэмію музыкі — з высокімі баламі паспяховасці. Працаваць па спецыяльнасці "Харавое дырыжыраванне" пачала на трэцім курсе акадэміі. Яна сябра Партыі БНФ. У дзіцячай школе мастацтваў № 6 Магілёва адпрацавала два гады.


Дзяўчыну не папярэджвалі, што кантракт з ёй не працягнуць, яе проста паставілі перад фактам. Адміністрацыя школы мастацтваў адмаўляе, што дачку экс-кандыдата звольнілі з палітычных матываў. 


Рыгор Кастусёў кажа, што з-за яго палітычнай дзейнасці ўлада карае ягоных дзяцей. Пасля парламенцкіх выбараў са школы звольнілі яго старэйшую дачку. Праблемы з вучобай былі і ў сына. Цяпер ён у Гданьску, і там, кажа Кастусёў, праблемаў з вучобай у яго няма.