ДАІ адыгралася на кіроўцы, якому прайграла суд (відэа)

Наведвальнікі народнага прававога сайту stop-gai.by працягваюць даказваць няграматнасць інспектараў ДАІ. У канцы мінулага тыдня суд Маскоўскага раёна Мінска адмяніў чарговую пастанову аб адміністрацыйным парушэнні за таніроўку. 

Кіроўцу “Мазды” Канстанціна Глушакова пакаралі штрафам у 35 тысяч рублёў яшчэ 14 студзеня. Ступень святлопрапускання шкла інспектар ДАІ вызначыў на вока.  

У гарадскім ДАІ са скаргай Канстанціна пагадзіліся, але ўсё адно аштрафавалі — цяпер ужо, згодна з дакументам, не за таніроўку, а за нанясенне дадатковага пакрыцця на шкло. 

Як вядома, таніроўка і ёсць нанясенне спецыяльнай плёнкі, таму Канстанцін звярнуўся ў суд Маскоўскага раёну Мінска, дзе кіроўца ў чарговы раз даказаў, што яго пакаралі несправядліва. 

“Даследаваўшы матэрыялы справы, суд прыйшоў да высновы, што не былі прынятыя ўсе меры да збору доказаў для прыцягнення Глушакова да адміністратыўнай адказнасці, — значыцца ў пастанове суда— Так, для правільнай юрыдычнай кваліфікацыі варта было высветіліць, ці мае месца ў аўтамабілі “Мазда” таніраванне шкла, альбо нанесенае пакрыццё”.

Самае цікавае пачалося пасля суда. На думку Канстанціна, суддзя і сакратарка суда “здалі” яго ДАІ — і міліцыянты зладзілі аблаву. 

“Я пад’язджаю да будынка суда Маскоўскага раёна: побач з будынкам машын ДАІ — як мурашоў, на кожным перакрыжаванні, — распавядае Канстанцін пра свой трылер з міліцыянтамі. — Неяк не ўяўляў, што гэта яны па мяне. Выйшаў з суда, сеў у машыну і паехаў. Яны мяне пабачылі — перакрылі дарожны рух. Гэта была пятніца, канец працоўнага дня. Утварыўся агромністая пробка, пацярпелі вельмі многія аўтааматары”. 

Для таго, каб правучыць юрыдычна падкаванага Канстанціна, ДАІ задзейнічала мацнейшыя рэсурсы — вопытнага кабінетнага інспектара і эксперта з Беларускага дзяржаўнага інстытута метралогіі.  Але нават яны не абышліся без памылак і парушэнняў.   

“Мяне спыніў старшы інспектар гарадской ДАІ, які працуе ў апараце кіравання, а сам ніколі не стаіць на пасту, — працягвае Канстанцін. — Звычайным інспектарам зносіны са мной, як бачна, ужо не давяраюць. Было відаць, што ён падрыхтаваўся да сустрэчы, прагледзеў усе мае відэаматэрыялы. Міліцыянт добра ведаў азначэнні юрыдычных тэрмінаў. Але калі я пачаў задаваць новыя пытанні, ён "паплыў".  

Пра памылкі супрацоўніка інстытута метралогіі Канстанцін пакуль не гаворыць, бо хоча, каб гэтыя аргументы сталі козырам у судзе. Еўрарадыё ўдалося высветліць, што адна з такіх памылак — гэта тое, што эксперт не выцер шкло спецыяльнымі мыйнымі сродкамі, парушаючы тым самым правілы. Нагадаем, што дакладны метад вымярэння святлопрапускання шкла прапісаны ў дзяржаўным дакуменце СТБ 1640. 

Амаль ніхто са звычайных інспектараў ДАІ не здольны праверыць святлопрапусканне шкла. Карэспандэнты Еўрарадыё ўпэўніліся ў гэтым, калі празванілі шэраг падраздзяленняў ДАІ. З дакументам СТБ 1640 амаль ніхто не знаёмы.  

Затое ў аддзеле прапаганды і агітацыі ДАІ Бабруйскага УУС нам падказалі, як дакладна высветліць, ці перавышаныя ў вашым аўто нормы таніроўкі. 
    
“Калі ёсць таніроўка, то гэта відаць на вока. Адразу можам сказаць, што любая таніроўка не праходзіць па дзяржстандартах. Для сябе можаце пад’ехаць на станцыю дыягностыкі “Белтэхагляду” — там плаціш некалькі тысячаў, і яны робяць замер шкла. Але калі пакажа норму, то ў выпадку адміністратыўнай справы можаце пісаць скаргу”. 

Фота: www.yuga.ru