Дар’я Домрачава выйграла сваю першую гонку ў сезоне

Дар’я Домрачава выйграла спрынтарскую гонку ў аўстрыйскім Хохфільцане. Перашкодзіць беларускай біятланістцы не змог нават адзін промах пры стральбе лежачы. Срэбра — у фінкі Кайсы Макарайнен, бронзу заваявала лідар сезона нарвежка Тура Бергер.

Гэта першая перамога Дар’і Домрачавай ў цяперашнім сезоне. У папярэдніх трох індывідуальных гонках наша спартоўка двойчы прыходзіла на фініш другой, саступаючы Туры Бергер.

У дзясятку лепшых у спрынце трапіла яшчэ адна беларуска Надзня Скардына. З нулём промахаў яна падзяліла сёмы і восьмы радкі са славенкай Тэяй Грэгарын. Настасся Дубарэзава тройчы прамахнулася і ў выніку — толькі 36-я. Ірына Крыўко закрыла ўсе дзесяць мішэняў, але стала толькі 42-й, Надзея Пісарава фінішавала на 47-м месцы, а Людміла Калінчык закончыла гонку толькі на 77-й пазіцыі сярод 106 удзельніц.