Донарская кроў… патаннела

Студэнт Сяргей заканчвае пяты курс і ўжо з’яўляецца ганаровым донарам. У пятніцу хлопец прыйшоў здаваць плазму, але там яго чакаў непрыемны сюрпрыз.

“Нам сказалі, што ўвялі новы закон. Атрымаў меней грошай. Калі выплаты не моцна змяніліся, то кампенсацыі — істотна. Я студэнт і адчуў гэта на сабе. Першая думка: крызіс дайшоў і да донараў.”

З 9 чэрвеня ў Беларусі дзейнічае новы закон "Аб донарстве крыві і яе кампанентаў”. У Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры гематалогіі і трансфузіялогіі гавораць, што донары сапраўды будуць атрымліваць крыху менш.

“Паменшылася плата за плазму. Паводле папярэдняй пастановы, донару плазмы пры аднакратнай здачы 450 мл дадаткова плацілі 0,75 базавай велічыні. Сёння за адну дозу плазмы донар атрымлівае 0,65 базавай велічыні. У асноўным донары здаюць дзве дозы. Такім чынам раней дзве дозы каштавалі 1,5 базавай велічыні, цяпер — 1,3 базавай велічыні. У дзень здачы за двайную дозу донар атрымлівае 112 000 рублёў, раней было 120 750 рублёў.”


За двайную дозу плазмы донар цяпер атрымае на 8750 рублёў меней. Кроў таксама патаннела. Калі раней за дозу крыві плацілі 68 250 рублёў, то цяпер — 66 500 рублёў.

Змены ў кампенсацыі для студэнтаў у Цэнтры гематалогіі і трансфузіялогіі тлумачаць тым, што закон прымаўся вельмі даўно, калі не было так шмат студэнтаў-платнікаў. Раней кампенсацыю ў чвэрць ад стыпендыі атрымоўвалі толькі студэнты-бясплатнікі на працягу трох месяцаў. Цяпер — усе студэнты дзённай формы навучання, у тым ліку і платнай. Але толькі аднаразова і ў памеры адной базавай велічыні.

Стыпендыі зараз складаюць 149-290 тысяч рублёў. Такім чынам, студэнт, што навучаецца на дзённым, за тры месяцы атрымоўваў 112-218 тысяч рублёў. Цяпер — толькі 35 тысяч рублёў. Адчуйце розніцу!

Як даведалася Еўрарадыё, донары ужо склалі калектыўную скаргу на новы закон. Студэнт Сяргей таксама пакінуў свой подпіс.

“Я не ведаю, куды будзе накіроўвацца скарга, я не веру, што гэта можа дапамагчы ўвогуле. Увогуле гэта сумна. Маладыя людзі дапамагаюць выратоўваюць жыццё.”


Сам Сяргей бліжэйшым часам не перастане здаваць кроў.

Фота: rumol.ru