Два школьнікі апаганілі дваццаць магілаў у Дуброўне
Жудасны пагром на могілках райцэнтра Віцебшчыны ўчынілі стрыечныя браты — 10 і 12 гадоў.
Як паведамляе "Ежедневник" са словаў відавочцаў, дзеці з ваяўнічымі крыкамі насіліся па могілках, пераскокваючы праз агароджы, і валілі помнікі. Адначасова яны раскідвалі па магілах кветкі і ламалі ўсё, што маглі зламаць. Амаль на палове могілак дзеці ператварылі пахаванні ў руіны: там паваленыя помнікі, пашкоджаныя агароджы, выдраныя шыльдачкі з імёнамі і датамі.
Юных вандалаў дубровенскія міліцыянты затрымалі праз некалькі гадзін пасля пагрому. Хлапчукі адразу прызналіся ў зробленым, але патлумачыць свой учынак яны не змаглі.
Дарэчы, хлопцы — з добрых сем'яў, добра вучацца, на ўліку ў Камісіі па справах непаўналетніх не стаялі.
За вандалізм дзяцей будуць адказваць іх бацькі. Дарэчы, палову пашкоджаных помнікаў яны ўжо аднавілі.
Фота — lifenews.ru