Дзярждума: Чаму расійскага алігарха прызначаюць віцэ-прэм'ерам Беларусі?

Як паведамляе сайт nr2.ru, расійскі дэпутат звярнуўся непасрэдна да Аляксандра Лукашэнкі. Нагодай для запыту стала інфармацыя, апублікаваная шэрагам СМІ Беларусі, Расіі ды Украіны. Яны паведамлялі пра магчымае прызначэнне расійскага бізнэсоўца Дзмітрыя Мазепіна віцэ-прэм'ерам Беларусі. Таксама паведамлялася, што Мазепін і падкантрольная яму кампанія "Уралхім" дапамогуць Беларусі атрымаць ад расійскага Ашчадбанка крэдыт на 3 мільярды долараў. Гарантам гэтага ільготнага доўгатэрміновага крэдыту называлася бельгійская фінансавая кампанія Fortis, звязаная з іншым вядомым расійскім бізнэсмэнам і палітыкам — Сулейманам Керымавым.

Панамароў адзначае, што Мазепін і Керымаў маюць скандальную рэпутацыю. Расійскі дэпутат пытаецца, наколькі адпавядаюць праўдзе гэтыя чуткі. Таксама ён пытаецца, ці праўда, што Мазепін і Керымаў з партнёрамі атрымаюць прыярытэтны доступ да прыватызацыі нафтахімічнага комплексу Беларусі.

Асобную цікавасць у дэпутата выклікала пытанне наконт таго, што Мазепін атрымаў грамадзянства Беларусі за асаблівыя заслугі перад краінай.

Аб рэакцыі афіцыйнага Мінску на запыт расійскага дэпутата пакуль не паведамляецца.