Экс-кіраўнік цэнтрабанка Ірану затрыманы з 70 мільёнамі долараў?
Паводле звестак таблоіда Bild am Sonntag, нямецкая паліцыя арыштавала яго ў аэрапорце Дзюсельдорфа.
Тахмасб Мазахеры быў затрыманы яшчэ 21 студзеня з чэкам на 300 мільёнаў венесуэльскіх балівараў (70 мільёнаў долараў). Сайт нямецкай мытні паведамляе пра арышт 59-гадовага іранца, які меў пры сабе акурат такую суму грошай. Аднак афіцыйнага пацверджання, што гэта менавіта былы іранскі банкір, пакуль няма.
59-гадовы мужчына (Мазахеры насамрэч 59 гадоў) прыляцеў у Нямеччыну з Ірану праз Турцыю. На пытанне пра тое, колькі ён мае наяўных, іранец адказаў — 10 тысяч еўра. Аднак мытнікі знайшлі толькі 5 тысяч у рознай валюце. Затым у багажы іранца адшукалі чэк банка Венесуэлы на вялізную суму. Затрыманы не здолеў патлумачыць, адкуль у яго такія грошы і каму яны прызначаюцца.
У паведамленні нямецкай мытні адзначаецца, што мужчыне пагражае штраф да мільёна еўра, бо ён не пазначыў гэтыя грошы ў дэкларацыі. Bild am Sonntag у сваю чаргу паведамляе, што паліцыя і мытнікі расследуюць магчымае адмыванне грошай.