Экспарт беларускіх цукерак у Расію апынуўся пад пагрозай
Прычынай для гэтага стала нацыяналізацыя кандытарскіх фабрык "Спартак" і "Камунарка".
Як піша сайт "Заўтра тваёй краіны", беларускія кандытары могуць пазбавіцца асноўнага канала збыту сваёй прадукцыі на расійскім рынку. Ад 2006 года пастаўкамі беларускіх кандытарскіх вырабаў у Расію займаецца кампанія "Белкандытар". У расійскім рэгістры юрыдычных асоб у якасці адзінага заснавальніка фірмы называецца невядомы грамадзянін ЗША. Мяркуючы па ўсім, гэта Марат Новікаў, які нядаўна быў пазбаўлены кантролю над "Спартаком" і "Камунаркай".
У яго руках застаецца асноўны механізм па продажы амаль усёй "салодкай" беларускай прадукцыі на рынак Расіі. Фірма кантралюе пастаўкі фабрык "Спартак", "Камунарка", "Чырвоны мазыранін", "Слодыч", "Віцьба". З буйных кандытарскіх фабрык "Белкандытар" не катралюе толькі пастаўкі "Чырвонага харчавіка" і "Іўкона".
Фактычна, "Белкандытар" з'яўляецца амаль манапалістам у галіне паставак беларускіх слодычаў на расійскі рынак. І выключыць долю Новікава з фірмы так, як зрабілі на кандытарскіх фабрыках, уладам наўрад ці ўдасца, канстатуе "Заўтра тваёй краіны".
Як прагназуюць эксперты, кандытарскі экспарт Беларусі ў Расію можа быць на нейкі час паралізаваны.