Эксперты аналізуюць перадвыбарнае становішча ў Беларусі (фота)
11 верасня ў Варшаве прадстаўнікі "Беларускай аналітычнай майстэрні" расказалі пра перадвыбарную сітуацыю ў Беларусі.
Удзел у імпрэзе прынялі эканаміст Леанід Злотнікаў, сацыёлаг Андрэй Вардамацкі і палітолаг Павел Усаў. У сваіх выступах аналітыкі паспрабавалі закрануць розныя сферы жыцця Беларусі. Мерапрыемства прайшло ў “Беларускім доме”.
Па словах Злотнікава, у наступным годзе варта чакаць пагаршэння эканамічнага становішча ў краіне. Улады не змогуць доўгі час забяспечваць беларусаў сярэднім заробкам у 500 долараў, які хутчэй за ўсё з'явіцца да канца года. Не дапусціць новай дэвальвацыі можна будзе толькі тады, калі ўрад лібералізуе гаспадарку, аднак гэта малаверагодна, кажа эканаміст.
У сваю чаргу Вардамацкі прадставіў апошнія перадвыбарчыя сацыялагічныя звесткі. Паводле іх, грамадская думка палярызуецца ў пытанні стаўлення да байкоту выбараў. Людзі ўсё больш вызначаюцца ў сваіх пазіцыях. Прычым расце колькасць і прыхільнікаў байкоту, і тых, хто яго адмаўляе.
Усаў адзначыў, што надзеі некаторых беларускіх апазіцыянераў трапіць у Палату прадстаўнікоў бессэнсоўныя. Палітолаг лічыць, што захаваць аблічча ў такой сітуацыі апазіцыя зможа толькі зняўшыся з выбараў і прыняўшы ўдзел у байкоце.
Тое, што выбары не цікавыя звычайным беларусам, паказваюць і сацыялагічныя звесткі. Да гэтага часу каля 40% грамадзян не вызначыліся, ці пойдуць на выбары.

