Еўрасаюз прадставіў 10-гадовы план эканамічных рэформаў

Ён створаны пры ўдзеле кіраўніка Еўракамісіі Жазэ-Мануэля Барозу, прэзідэнта Еўрапейскага савета Германа ван Рампея і кіраўніка Еўрапейскага цэнтральнага банка Марыё Драгі. Па словах ван Рампея, ініцыятывы ўладаў ЕС з'яўляюцца прапановамі, а не жорсткім наборам патрабаванняў Брусэля да дзяржаваў Еўрасаюза. Прэзідэнт Еўрасавета кажа, што спадзяецца на дасягненне кампрамісу на саміце ЕС 28-29 чэрвеня.

Як інфармуе ВВС, сярод асноўных прапановаў Еўрасаюза такія, як магчымасць Брусэля блакаваць бюджэты краін-чальцоў ЕС, калі яны перавысяць усталяваны ліміт дзяржпазыкі; стварэнне Еўрапейскага казначэйства, якое будзе сачыць за бюджэтам ЕС і яго дзяржаваў; стварэнне адзінага для ўсяго ЕС банкаўскага рэгулятара; адзінае працоўнае заканадаўства і падатковая палітыка ды інш.

Дарэчы, кіраўнік Банку Англіі Мервін Кінг крытычна паставіўся да ініцыятываў ЕС. Па яго словах, улады ЕС за два гады нічога не зрабілі для ліквідацыі наступстваў крызісу.