Еўрасаюз верне ў Беларусь амбасадараў на гэтым тыдні?
Пра гэта паведамляюць дыпламатычныя крыніцы ў Люксембургу.
23 красавіка там адбылося паседжанне Савета міністраў замежных спраў ЕС. Удзельнікі сустрэчы каротка абмеркавалі сітуацыю ў Беларусі. Яны віталі вызваленне палітвязняў Андрэя Саннікава і Змітра Бандарэнкі, аднак падкрэслілі неабходнасць вызвалення і рэабілітацыі ўсіх палітычных зняволеных.
Еўрасаюз яшчэ не абвясціў пра вяртанне ў Мінск амбасадараў, аднак дыпламаты сцвярджаюць, што гэта адбудзецца на бягучым тыдні, і толькі пасля гэты факт будзе абнародаваны. “Мы дамовіліся, што на знак салідарнасці першымі ў Мінск павінны вярнуцца амбасадар Польшчы і прадстаўнік ЕС, бо гэта іх беларускія ўлады прасілі аб выездзе”, — цытуе крыніцы БелаПАН са спасылкай на агенцтва ПАП.
Пры гэтым літоўскі міністр замежных справаў Аўдронюс Ажубаліс выказаў засцярогу, што вяртанне амбасадараў можа быць выкарыстана Аляксандрам Лукашэнкам у прапагандысцкіх мэтах, і прапанаваў, каб ЕС усё ж выступіў з афіцыйнай заявай пра вяртанне дыпламатаў.
Міністры не прынялі ніякіх рашэнняў аб новых санкцыях для беларускага рэжыму і новых рэзалюцыяў.