Ежы Хашчыньскі: Гулец Лукашэнка гэтым разам прайграе
Карэспандэнт Еўрарадыё Алесь Яшчанка пагутарыў з кіраўніком замежнага аддзелу польскай газеты “Rzeczpospolita”.
15 чэрвеня Еўрарадыё пабывала на “Ночы СМІ” (“Media Night”) у Варшаве, што ладзілася восьмы раз Фондам Конрада Адэнаўэра. Сёлетняя канферэнцыя насіла назву “Свет паводле сродкаў масавай інфармацыі”, абмяркоўвалася і палітыка суседства. У дыскусіях ўзялі ўдзел вядомыя польскія і нямецкія журналісты. Аднаго з іх, кіраўніка аддзела замежжа газеты “Rzeczpospolita”, Ежы Хашчыньскага, мы папрасілі падзяліцца думкамі наконт сітуацыі ў Беларусі.
Еўрарадыё: Спадар Хашчыньскі, што, на вашу думку, цяпер адбываецца ў эканамічным і палітычным жыцці Беларусі?
Хашчыньскі: “У Беларусі немагчыма аддзяліць эканамічнае жыццё ад палітычнага. Мяркую, цяпер шанцы Еўропы перамагчы дыктатарскі рэжым вялікія, як ніколі. Вельмі складанае эканамічнае становішча можа змусіць Лукашэнку пайсці на сур’ёзныя саступкі. І вельмі верагодна, што цяпер гэтыя саступкі не будуць часткай нейкай палітычнай гульні, як раней, а стануць пачаткам сапраўдных пераменаў. З іншага боку, Лукашэнка разумее, што калі ён выканае ўсе ўмовы Захаду, ягонаму рэжыму наступіць канец.”
Еўрарадыё: Ці магчымае ў цяперашніх умовах супрацоўніцтва Захаду, а менавіта Польшчы, з беларускімі ўладамі?
Хашчыньскі: “Польшча ўжо некалькі разоў спрабавала паверыць Лукашэнку. На жаль, мы забываліся пра тое, што Лукашэнка вельмі хітры гулец: добра ўмее скарыстацца сітуацыяй, а потым зноў скача ў абдымкі Расіі. Гэта ўжо вядомыя яго штукарствы. Можа быць, цяпер, у складаны для рэжыму час, нам удасца знайсці нейкія рычагі ціску на Лукашэнку. Цяпер Захад яму не верыць так наіўна, як верыў раней”.
Еўрарадыё: Ці ўплывае эканамічны крызіс у Беларусі нейкім чынам на Польшчу?
Хашчыньскі: “Не думаю, што ён неяк уплывае. А вось палітычная сітуацыя адбіваецца на Польшчы. Узяць хаця б польскую меншасць і апазіцыю. На гэтых людзей аказваецца каласальны ціск, і яны з’яўляюцца сапраўднымі закладнікамі рэжыму”.
Еўрарадыё: Як часта ў “Rzeczpospolitej” з’яўляюцца артыкулы пра сітуацыю ў Беларусі?
Хашчыньскі: “У Беларусі наша выданне мае ўласнага карэспандэнта – Андрэя Пісальніка. І дзякуючы яму, а таксама таму, што ён не ў турме, а на волі, мы пастаянна трымаем руку на пульсе і добра арыентуемся ў тым, што там адбываецца. Амаль у кожным нумары пра Беларусь з’яўляецца нейкая інфармацыя. Галоўным чынам пра парушэнні правоў чалавека”.
Еўрарадыё: Цяпер напэўна Лукашэнку больш за ўсё турбуе пытанне “Што рабіць”?
Хашчыньскі: “Мяркую, што гэтым разам гулец Лукашэнка прайграе. У выпадку, калі яму ўдасца атрымаць пазыку з Захаду, цана за яе для яго будзе надта высокай. Хіба што ён аддасць у рукі Масквы ўсё, што можа аддаць. Але тады ў наступны раз яму проста не будзе што аддаць, і Крамлю ён будзе ўжо непатрэбны”.