Флэшмобы ў Брэсце: імітацыя канфліктаў паміж раварыстамі і мінакамі
Роварныя актывісты распачалі сезон "За Вела-Брэст — 2012!".
Сёлета кампанія будзе накіравана на "фармаванне этыкету сярод усіх удзельнікаў дарожнага руху". Для брэсцкіх пешаходаў запланаваная серыя флэшмобаў — акцыі "Бяспечны тратуар". Падчас іх будуць імітавацца, а пазней і вырашацца канфліктныя сітуацыі паміж раварыстамі і мінакамі.
Вось што распавёў Еўрарадыё каардынатар кампаніі Уладзімір Красько:
"Першым мерапрыемствам стане працоўны збор удзельнікаў для распрацоўкі новых інфармацыйных матэрыялаў. І ўжо ў чэрвені яны будуць распаўсюджвацца ў горадзе. Важна адзначыць, што сёлета кампанія мае падтрымку сярод мясцовага бізнэсу".
Паводле слоў Красько, таксама запланаваная акцыя "Раварыст — паўнапраўны ўдзельнік дарожнага руху!", якая разлічаная на кіроўцаў.
Нагадаем, што кампаніі "За Вела-Брэст!" — ініцыятыва арганізацыі "Дзедзіч", яе мэтай з'яўляецца стварэнне спрыяльных умоваў для роварнага руху ў Брэсце.