Галандскі пілот шпіёніў на карысць Беларусі і Расіі
У справе галандскага лётчыка, абвінавачанага ў шпіянажы на Беларусь, адбыўся новы паварот.
Нагадаем, што лётчыка арыштавалі сёлета ў сакавіку. Пілота знішчальніка F-16 нацыянальных ВПС Нідэрландаў затрымалі падчас сустрэчы з ваенным аташэ расійскай амбасады ў Гаазе. Пра гэта піша "Хартыя'97" са спасылкай на нідэрландскія СМІ.
СМІ адзначалі, што 37-гадовы Крыс В. збіраўся весці сумесны бізнэс з грамадзянінам Беларусі, а таксама быў завербаваны беларускімі спецслужбамі. Аднак амаль адразу пасля арышту лётчыка ў Маскву быў адкліканы расійскі дыпламат, які падтрымліваў сувязь з меркаваным агентам. Пракуратура Нідэрландаў накіравала запыт у пасольства Расіі ў сувязі з інцыдэнтам. Але дыпмісія адмовілася супрацоўнічаць з галандскім следствам.
У мінулы чацвер суд падоўжыў папярэдні арышт Крыса В. Яго прашэнне пра змену меры стрымання на падпіску пра нявыезд было адхіленае: следства баіцца, што падазроны можа ўцячы. Пагатоў, што пілот ужо збіраўся ўцячы ў Аб'яднаныя Арабскія Эміраты і незадоўга да свайго арышту выслаў у Дубаі кантэйнер з асабістай маёмасцю.
Новае судовае слуханне па гэтай справе прызначана на жнівень.