Галоўнае для беларусаў – перазагрузка галавы!

111216 Malina Perezagruzka.mp3

Кампанія "Будзьма беларусамі!" і партал “Тузін Гітоў” прэзентавалі другую складанку “Будзьма! Тузін. Перазагрузка-2”, над стварэннем якой аўтары праекта працавалі амаль два гады.

Аўтар ідэі “Перазагрузкі” рэдактар партала “Тузін Гітоў ” Сяргей Будкін падвёў вынікі працы і падзяліўся планамі на будучыню. А таксама адзначыў, што ўсе ўдзельнікі праекту засталіся задаволеныя вынікам.

Сяргей Будкін

Сяргей Будкін: “Па выніку атрымаўся не толькі творчы цікавы эксперымент, у якім было цікава паўдзельнічаць, па-мойму, усім. Але і нейкае такое пасланне ад замежных творцаў, вядомых асобаў, тым людзям, якія жывуць тут. Каб яны шанавалі сваё, былі сапраўднымі беларусамі і цанілі, што маюць. Дарэчы, гэты выдатны мэсэдж супадае з мэсэджам кампаніі “Будзьма!”, якая разам з Тузінам рабіла гэты праект”.

Алена Макоўская, каардынатар кампаніі “Будзьма беларусамі!”, адзначыла, што “Будзьма” не збіраецца спыняцца на гэтым рэлізе. Аднак фармат “Перазагрузкі -3”, як калісьці было і з другой складанкай, трымаецца ў сакрэце. Пакуль жа трэба працаваць над прасоўваннем складанкі, у тым ліку ў рэгіёнах, адзначае спадарыня Алена:

Алена Макоўская

Алена Макоўская: “Адносна далейшага лёсу гэтага праекта, хачу сказаць, што ён пойдзе па фм-станцыях. Мы разглядаем таксама магчымасць правядзення рэгіянальных прэзентацый праекта. Таму што на сённяшні дзень ён быў прэзентаваны ў асноўным ў інтэрнэт-прасторы, а інтэрнэтам у Беларусі карыстаюцца толькі 30% насельніцтва”

Удзельнік праекту, фронтмэн гурта “Воплі Відаплясава” Алег Скрыпка адмыслова для прэзентацыі “Будзьма! Тузін. Перазагрузка-2” падрыхтаваў танцавальную версію “Краіны Мрой”, якую гледачы прынялі на “ура”. Да таго ж Алег Скрыпка прызнаўся, што не толькі з задавальненнем возьме ўдзел і ў трэцяй “Перазагрузцы”, а нават гатовы зрабіць супольную музычную беларуска-украінскую прастору і зладзіць падобны праект і на Ўкраіне.

Алег Скрыпка

Алег Скрыпка: “У мяне ёсць такая ідэя, я не ведаю, як гэта зрабіць, але вельмі хацеў бы зрабіць творчае мастацкае аб’яднанне Ўкраіны і Беларусі. Таму што гэта дзве краіны, якія гістарычна і духоўна дужа блізкія, і я за тое, каб стварыць супольную культурную прастору. А можа быць, мы падумаем, і ваш праект зможам перанесці ва Ўкраіну”.

Падчас прэзентацыі Алег зноў прызнаўся ў любові да беларускай мовы, якую, разам з украінскай, назваў самымі мілагучнымі ў свеце.

 

Сябра “Тузіна гітоў”, лідар гурта “Палац” Алег Хаменка выказаў ідэю, што ў будучым “Перазагрузку” трэба “падаваць” усё ж з беларускім, а не замежным, музычным напаўненнем.

Алег Хаменка

 “Галоўнае, гэта “Перазагрузка” не так, як мы яе прапануем. Галоўная ідэя – што ўсё ж такі напаўненне павінна быць нацыянальным. - распавядае Алег Хаменка. - І тое, што людзі з замежжа паважаюць нашу нацыянальную свядомасць і ўвогуле беларусаў, вядома, павінна спрыяць таму, што мы павінны паважаць самі сябе. А што гэта будзе далей? Камп’ютарныя гульні па-беларуску, уся класіка Чапліна з беларускім перакладам, ці праграмнае забеспячэнне для айфонаў – не істотна. Галоўнае – перазагрузка галавы!”


Міця Тарпішчаў

Эпатажны журналіст Міця Тарпішчаў раіць нічога новага ў канцэпцыі не прыдумваць, а “бамбіць, бамбіць, бамбіць” “Перазагрузку-3, 4, 5” і г.д. з тымі жа ж музыкантамі.

 

“Ідэя цудоўная. Асабліва важна, што такія вядомыя людзі, як Макс Лоранс змаглі ўзяць удзел у гэтым праекце. А калі шчыра – мне вельмі спадабалася разбіраць асаблівасці беларускага вымаўлення ў Іллі Лагуценка і ў Бабунца з “Смысловых голлюцінацій”. Вельмі кранальна! І я лічу, што калі на кожнай пласцінцы будзе песня ад Макса Лоранса – праекту наканаваны поспех! ”

 

Ганна Чыстасердава

Як вядома, у складанку “Будзьма! Тузін. Перазагрузка-2”, як і на першую пласцінку праекта,  увайшло 12 песень. Што тычыцца самых цікавых песень на сладанцы, тут меркаванні публікі нязначна разышліся: лепшымі называлі песню “Небасхіл Эўропы” Аляксандра Рыбака і яго выдатнае вымаўленне, “Зрывае дах” ад Лоранса і, натуральна, “Краіну Мрой” “Вопляў Відаплясава” – нездарма ўкраінцы пратрымаліся на першым месцы чарта “Тузіна” ажно 4 туры – то бок 8 тыдняў!

 

Дзіма Безкаравайны і Аляксандр Памідораў