Галоўны трэнер "Штурма": Мы хацелі БАТЭ
Франк Фода задаволены лёсаваннем плэй-оф Лігі чэмпіёнаў, але баіцца далёкага падарожжа ў Беларусь.
Галоўны трэнер аўстрыйскага "Штурма" Франк Фода пракаментаваў вынікі сённяшняга лёсавання плэй-оф футбольнай Лігі чэмпіёнаў, у выніку якога яго каманда згуляе з барысаўскім БАТЭ. Як інфармуе сайт sksturm.at, Фода спадзяваўся, што ў сапернікі яго каманды патрапяць "Капенгаген" ці БАТЭ. Цяпер ён хоча як найхутчэй атрымаць інфармацыю пра беларускую каманду. Пакуль галоўны трэнер "Штурма" ведае пра БАТЭ толькі тое, што ў 2008 годзе барысаўчане выступалі ў групавым раўндзе Лігі чэмпіёнаў.
"Адназначна, адна з нашых перавагаў — гэта тое, што другую гульню мы праводзім на сваёй арэне і там усё можа вырашыцца. Менш прыемна, вядома, што нам давядзецца перанесці працяглы пералёт [у Беларусь]", — сказаў Франк Фода.
Гульні плэй-оф пройдуць 16 і 24 жніўня. Першы матч БАТЭ згуляе дома.