Генерал Сівакоў: Усе чакаюць, калі паляцяць галовы
Былы кіраўнік дзяржкамісіі па высвятленні абставінаў збіцця ў 1995 годзе паветранага шара пракаментаваў сітуацыю з шведскім самалётам.
Нагадаем, што "дэсант плюшавых мядзведзікаў" быў выкінуты над Мінскам і Івянцом 4 ліпеня. Акцыю здзейснілі шведскія пілоты, якія вылецелі з тэрыторыі Літвы. Афіцыйныя беларускія ўлады адмаўляюць сапраўднасць звестак пра гэтую акцыю. Тым не менш, з'явілася інфармацыя, што праверкай займаецца прэзідэнцкая камісія.
Генерал-лейтэнант Юрый Сівакоў адзначыў, што "вельмі складана стварыць такую віртуальную карцінку". Ён лічыць, што "з боку адпаведных структур павінна быць больш аргументаванае абвяржэнне — гэтага не магло быць, таму што быць не магло. А зацягнутае маўчанне толькі стварае навокал аўру загадкавасці".
Сівакоў не выключае, што "ўсе чакаюць, калі паляцяць галовы", як гэта было пасля прызямлення самалёта Руста на Краснай плошчы ў Маскве.
"Сітуацыя непрыемна зацягнулася ўва ўсіх адносінах. Але ў прынцыпе, вядома, для дзяржавы нават узнікненьне самой такой інфармацыі... не зусім прыемнае", — цытуе словы Сівакова Радыё Свабода.