Год таму расстралялі Канавалава і Кавалёва

Апошняе спатканне Любові Кавалёвай з асуджаным на пакаранне смерцю сынам Уладзіславам Кавалёвым адбылося ў следчым ізалятары (СІЗА) КДБ 11 сакавіка 2012 года. Маці пакаранага і праваабаронцы лічаць, што Уладзіслаў быў расстраляны ў перыяд з 12 па 15 сакавіка. Дакладнай інфармацыі па гэтым пытанні няма. 14 сакавіка стала вядома, што Лукашэнка адмовіўся іх памілаваць.

Любоў Кавалёва працягвае змагацца за тое, каб вярнуць цела сына. На прэс-канферэнцыі, што прайшла на гэтым тыдні, яна падпісала заявы на адрас Дэпартамента выканання пакаранняў МУС, КДБ і старшыні Вярхоўнага суда з просьбай паведаміць, які орган выканаў смяротны прысуд у дачыненні да яе сына. Яна таксама патрабуе раскрыць месца пахавання Кавалёва. Што да сям’і другога пакаранага па справе аб тэрарызме, Дзмітрыя Канавалава, то, паводле праваабаронцы Паўла Левінава, яна па-ранейшаму пазбягае якіх-небудзь кантактаў, піша “Наша Ніва”.

Выбух у мінскім метро на станцыі “Кастрычніцкая” адбыўся 11 красавіка 2011 года. У выніку тэракту загінула 15 чалавек. Суд прызнаў вінаватымі ў гэтым злачынстве Уладзіслава Кавалёва і Дзмітрыя Канавалава.