Грамадскія слуханні ў Гродне выратавалі 41 дрэва

Пра гэта 16 сакавіка распавёў загадчык вытворча-тэхнічнага аддзелу УКБ Андрэй Сарока пад час грамадскіх слуханняў, што прайшлі ў гарвыканкаме.

Першапачаткова праект пракладкі цепласетак для пажарнага дэпо ў мікрараёне Вішнявец прадугледжваў высечку 53 дрэваў. Пасля сустрэчы з жыхарамі горада 30 студзеня, публікацый ў мясцовай прэсе ўпраўленне капітальнага будаўніцтва змяніла праект цепласетак. Гэта, па словах Андрэя Сарокі, павялічыла агульны кошт будаўніцтва дэпо на 800 мільёнаў беларускіх рублёў.

Цяпер давядзецца высекчы 12 соснаў. За гэта заказчык заплаціць каля 10 мільёнаў рублёў кампенсацыі. Грошы будуць пералічаны ў гарадскі бюджэт, за што прадпрыемства “Гродна-Зелянбуд” пасадзіць новыя дрэвы.