Грэцыя адмаўляецца перадаваць ЕС кантроль за бюджэтам

Грэцкі ўрад адпрэчвае прапанаваны Нямеччынай план, паводле якога Грэцыя павінна перадаць спецыяльнаму камісару Еўрапейскага саюза кантроль за сваім падаткаабкладаннем і дзяржаўнымі выдаткамі. Афіны заяўляюць, што грэцкія ўлады самі павінны кантраляваць свой бюджэт, інфармуе ВВС.


Дакумент, які не быў афіцыйна апублікаваны, прадугледжвае пашырэнне ўплыву структур ЕС на ўнутраныя рашэнні ўрада Грэцыі. Аб яго існаванні стала вядома пасля публікацыі ў выданні Financial Times.


У адказ на публікацыю Еўрапейская камісія заявіла, што бюджэт павінен цалкам заставацца пад кантролем грэцкага ўрада, хоць і адзначыла ўласны намер узмацніць назіранне за станам грэцкіх фінансаў.