Гродзенца злавілі на кантрабандзе 200 айфонаў
На беларуска-польскай мяжы затрымалі самую буйную партыю смартфонаў за ўсю гісторыю кантрабанды гэтага абсталявання ў краіну.
Як паведамляе БелаПАН са спасылкай на памежнікаў, кантрабандны груз выявілі ў беспрацоўнага 40-гадовага гродзенца. Парушальнік літаральна нашпігаваў імі аўтамабіль. 200 мабільных тэлефонаў iPhone 4S ён схаваў за абіўкай багажнага аддзялення, у запасным коле, пад газавым балонам, пад заднімі сядушкамі і ў саміх сядушках, а таксама ў скрынках ад тэлевізара і ноўтбука.
Папярэдняя ацэнка кантрабанды склала каля мільярда рублёў. Мабільныя тэлефоны, аўтамабіль і іх гаспадар накіраваныя ў Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю.
Фота — appleone.by