Гродзенскага падпалкоўніка міліцыі будуць судзіць
Па той жа справе, па якой Лукашэнка памілаваў яго начальніка генерала Хацько.
Нагадаем, што пракуратура падазравала генерала Генадзя Хацько ў злоўжыванні ўладай і службовымі паўнамоцтвамі. Карыстаючыся рэсурсамі абласной міліцыі, генерал будаваў сабе катэдж. Міліцэйскі чыноўнік ва ўсім прызнаўся і напісаў кіраўніку краіны просьбу пра памілаванне. Заадно Хацько заплаціў дзяржаве 30 мільёнаў рублёў — у столькі ацанілі шкоду, нанесеную дзяржаве. Дарэчы, рыначны кошт катэджа, па звестках "Вечернего Гродно", ацэньваецца ў 200 тысяч долараў.
Аляксандр Лукашэнка памілаваў генерала Хацько, крымінальную справу на яго спынілі. А вось яго намесніка падпалкоўніка Сяргея Рудніка з-пад крымінальнага пераследу не вывелі. Хаця вінавацяць яго ў злоўжыванні ўладай і службовымі паўнамоцтвамі для будаўніцтва катэджа свайму начальніку.
Дарэчы, генерала Хацько знялі з кіраўніцтва абласной міліцыяй за дыскрэдытацыю звання супрацоўніка органаў унутраных спраў. Аднак нават у адстаўцы ён захаваў за сабой генеральскую пенсію.