Гродзенцаў запрашаюць у гурткі для дарослых
2 кастрычніка мясцовыя грамадскія арганізацыі прадставяць свае асветніцкія праграмы.
“Універсітэт Залатога Веку”, “Школа малодога журналіста”, “Дом і сям’я”, “Здаровы лад жыцця”, “Гісторыя і культура Гродна”, “Магчымасці самаўдасканалення для маладых і дарослых” - такія гурткі і курсы запрашаюць наведваць гродзенцаў грамадскія аб’яднанні “ВІТ” і “Цэнтр “Трэці Сектар”.
“Для таго, каб развівацца, трэба ў любым узросце дбаць пра свае веды і ўменні, — кажа старшыня праўлення “Цэнтра “Трэці Сектар” Вітаўт Руднік у каментары Еўрарадыё. — Свет хутка змяняецца, з’яўляюцца новыя тэхналогіі. Часам сталыя людзі адчуваюць сябе выключанымі з-за таго, што не паспяваюць за гэтым. З дапамогай такога праекта, як “Універсітэт Заталога Веку”, мы ствараем магчымасці для пажылых людзей развівацца інтэлектуальна, духоўна і фізічна”.
Падчас прэзентацыі ўсе ахвочыя змогуць запісацца ў гурткі і на курсы. Мерапрыемства ладзіцца ў рамках VI Тыдня нефармальнай адукацыі і пройдзе 2 кастрычніка а 15-й гадзіне па адрасе вул. Будзёнага, 48а – 38.