Грыбаўскайтэ просяць не выдаваць беларускага дэзэртыра
19 студзеня Дэпартамент міграцыі Літвы мусіць прыняць паўторнае рашэнне па справе беларуса Сцяпана Захарчанкі.
Ініцыятыўная група літоўскіх грамадзян днямі перадала прэзідэнту Далі Грыбаўскайтэ і Дэпартаменту міграцыі петыцыю з просьбай прадаставіць збегламу з Беларусі Захарчанку статус палітычнага ўцекача. Прашэнне падпісаў 641 літоўскі грамадзянін, паведамляе літоўскі партал lrytas.lt.
Петыцыю з заклікам прадаставіць Сцяпану Захарчанку даўгатэрміновы прытулак падтрымалі дырэктар Фонда абароны грамадзян, удзельнік Літоўскай хельсінскай групы Стасіс Каўшыніс (Stasys Kaušinis) і вядомы нарвежскі літовец, уласна ініцыятар петыцыі Албертас Келмеліс (Albertas Kelmelis).
Нагадаем, 22-гадовы Сцяпан Захарчанка збег з беларускай вайсковай часткі ў ліпені 2011 года. Ён сцвярджае, што з яго здзекваліся афіцэры і прапаноўвалі падпісваць дакументы пра выкарыстанне фізічнай сілы супраць грамадзянскага насельніцтва. Міністэрства абароны Беларусі такую інфармацыю абвяргае і адмоўна характарызуе асобу Захарчанкі.
Раней Дэпартамент міграцыі вырашыў, што Захарчанку ў Беларусі нічога не пагражае і адмовіў яму ў прадастаўленні прытулка. Але Віленскі акруговы адміністрацыйны суд пастанавіў перагледезць гэтае рашэнне, улічваючы дадатковую інфармацыю праваабаронцаў.
Фота — lrytas.lt