Гутар: Будзе няправільна, калі Кандрацьеву не працягнуць кантракт!

Еўрарадыё: Чым запомніўся чэмпіянат Еўропы? Перерамогамі ці паразамі?

Аляксандр Гутар: Запомнілася першая гульня і апошняя, таму што мы іх выйгралі, ды і яны трымалі ў напружанні цэлы матч. І ўвогуле турнір пакінуў станоўчыя ўражанні. Не парадавала толькі тое, што трыбуны былі запоўненыя не на ўсіх гульнях. Толькі на матчах з Даніяй і Іспаніяй было шмат людзей. Прыемней гуляць, калі трыбуны запоўненыя, нават няважна твае гэта заўзятары ці саперніка. Калі шмат людзей на стадыёне, гэта стварае антураж, прыемна гуляць пры такой атмасферы. На такім турніры малая колькасць людзей – гэта нерпавільна.

Еўрарадыё: А беларусы на трыбунах былі?

Аляксандр Гутар: У Даніі сустракалі нашых фанатаў. Было не вельмі шмат, але заўсёды прыемна бачыць, што на трыбунах ёсць твае заўзятары. Тады ты граеш для іх… Таксама да нас прыязжалі бацькі футбалістаў, таму мы адучвалі моцную падтрымку.

Еўрарадыё: Сваёй гульнёй ты задаволены?

Аляксандр Гутар: Цяжка сказаць, але хутчэй задаволены.

Еўрарадыё: А гульнёй каманды?

Аляксандр Гутар: Калі б была дрэнная гульня, мы нічога такога не дабіліся б. Асабліва ў апошніх гульнях, я думаю, мы даказалі, што мы каманда, калектыў і можам дабіцца станоўчага выніка. Але з тымі жа Даніяй і Швейцарыяй нешта не атрымлівалася. На гульні адбівалася хваляванне… Але гэта нармальна. Нам супрацьстаялі вельмі сур’ёзныя сапернікі.

Еўрарадыё: Што трэнер кажа наконт таго, ці возьме цябе ў Лондан?

Аляксандр Гутар: Ці паеду я на Алімпіяду, пакуль невядома – да яе яшчэ цэлы год. Вядома, мне вельмі хочацца паехаць. Я разлічваю, што мяне туды возьмуць.

Еўрарадыё: Учора Георгій Кандрацьеў у інтэрв’ю Еўрарадыё сказаў, што, магчыма, сыйдзе са зборнай. Маўляў, тры з паловай гады працаваў амаль бясполатна…

Аляксандр Гутар: Думаю, што кіраўніцтва федэрацыі працягне кантракт з Георгіем Петровічам. Ён прайшоў вялікі шлях, рыхтаваў нас. Будзе неправільна, калі яму не працягнуць кантракт. Гэта нават можа паўплываць на гульню каманду, адносіны. Усе прызвычаіліся да аднаго трэнера. Калі ён мяняецца, дык зусім іншая з’яўляецца і тактыка, і адносіны да гульцоў.

Еўрарадыё: А вы задаволеныя, напрыклад, прэміяльнымі? Надоўга іх хопіць?

Аляксандр Гутар: Пакуль прэміяльныя не налічылі, але, што тычыцца сумы, нас не пакрыўдзілі.

Еўрарадыё: Калі маладзёжка пачне рыхтавацца да Алімпійскіх гульняў?

Аляксандр Гутар: Зараз усе знаходзяцца ў распалажэннях клубаў. Наконт далейшай падрыхтоўкі алімпійскай каманды пакуль нічога не вядома.

Еўрарадыё: Дарэчы, як вас прынялі ў Барысаве? Ці далі час адсвяткаваць, “абмыць” медалі?

Аляксандр Гутар: Гульцы і трэнеры павіншавалі нас з таім вынікам і сказалі, што мы ўпісалі свае імёны ў гісторыю беларускага спорта. Але ніякіх дадатковых выходных нам не давалі… Ужо ў панядзелак усе былі на трэніроўцы, таму што ў сераду наступны тур чэмпіяната Беларусі, гульня з “Шахцёрам”... Праўда, трэніроўка ў нас была аднаўленчая: футбалістаў моладзевай зборнай моцна не нагружалі.

Фота: goals.by