Хлопец пракаціўся ў метро, “сеўшы на хвост” цягніку (відэа)
Аматар экстрыму, мяркуючы па ўсім, не пацярпеў і не быў пакараны за сваю выхадку.
Прынамсі, ён праз некаторы час пасля гэтай прыгоды пакінуў запіс на адной з тэматычных старонак ВКонтакте: “Я схапіўся за поручні хваставой кабіны метрацягніка і неўзабаве, плаўна набіраючы хуткасць, за маёй спінай засталіся толькі водбліскі агнёў станцыі, якая знікала за паваротам”.
Хлопец праехаў такім чынам адзін прыпынак — ад станцыі “Пушкінскай” да “Маладзёжнай”.
Аматары катання на дахах цягнікоў і паміж вагонамі называюць сябе “зачэперамі”, піша onliner.by. Іх не спыняе рызыка атрымаць смяротны разрад у некалькі тысяч вольт або трапіць пад колы. Зрэшты, у Беларусі гэтая забава не такая распаўсюджаная, як у Расіі. Там рэгулярна адбываюцца няшчасныя выпадкі на чыгунцы і ў метро.
Каб экстрэмалы не чапляліся за цягнікі, на новых станцыях маскоўскага метро плануюць усталёўваць празрыстыя загароды, якія аддзяляюць платформу ад рэек. Абарончыя экраны таксама не дадуць магчымасці скончыць жыццё самагубствам, кінуўшыся пад колы цягніка. Падобныя канструкцыі, магчыма, будуць і ў мінскім метро на новай, трэцяй лініі.