У інтэрнэце выбіраюць 100 твораў беларускай прозы
У межах кампаніі “Наша мова” пачалося галасаванне за найлепшыя прозаічныя творы на беларускай мове.
У спіс найлепшых трапілі 140 твораў, якія абралі карыстальнікі сацыяльных сетак і сайта агенцтва рэгіянальнага развіцця "Дзедзіч". Кожны наведнік dzedzich.org мае права аддаць свой голас максімум за 10 найлепшых, на яго думку, твораў. Галасаванне працягнецца да 30 красавіка.
Па словах кіраўніка "Дзедзіча" Змітра Шыманскага, для аб'ектыўнага выніку арганізатары маюць намер паставіць рэпрэзентатыўную планку — не менш за 1000 галасоў. Таму адначасова з галасаваннем актывісты распачалі і актыўную піяр-кампанію.
У топ-10 пакуль лідыруюць раман Уладзіміра Караткевіча "Каласы пад сярпом тваім", яго ж аповесць "Дзікае паляванне караля Стаха", аповесць Васіля Быкава "Знак бяды", раман Караткевіча "Хрыстос прызямліўся ў Гародні", п'еса Янкі Купалы "Тутэйшыя", аповесць Караткевіча "Ладдзя роспачы", раман Якуба Коласа "На ростанях", раман Івана Мележа "Людзі на балоце", кніга Яна Баршчэўскага "Шляхціч Завальня" і драма Андрэя Макаёнка "Зацюканы апостал".
Фота — studio-pedestal.narod2.ru