Інтэрнэт-крамы: Прытрымліваемся рэкамендацыі МВФ

У турфірмы “Ваяж” можна набыць пуцёўку на 7 дзён у Турцыю на дваіх за 1325 долараў. 4-х зоркавы гатэль у Аланьі. Аплата валютай ці рублямі па курсе 8500 рублёў за долар. Столькі ж у турфірмах каштаваў долар і два тыдні таму.


У турфірме Sakub таксама долар каштуе 8500 рублёў, а еўра — 12200 рублёў. Паводле супрацоўніцы Sakub, фірма не мае патрэбы ў набыцці валюты — большасць кліентаў разлічваецца адразу замежнымі грашовымі адзінкамі.

“За месяц амаль ніхто не разлічваўся рублямі. Калі хочуць разлічыцца рублямі, даведваюцца наш курс, сыходзяць, недзе набываюць долары і вяртаюцца”.

Можа, хутка долар і ўсталюецца на адзіным узроўні на ўсіх сегментах рынка, як таго жадае Нацбанк. Але каштаваць будзе, хутчэй за ўсё, даражэй за 5000 рублёў. У інтэрнэт-крамах, дзе два тыдні таму долар каштаваў 6200 рублёў, цяпер курс павысіўся — 6300-6500 рублёў за долар.

Згодна са словамі супрацоўніка крамы Deshevo, з-за праблем з валютай аб’ём продажаў знізіўся. Калі раней пастаўшчыкі ездзілі ў Расію штотыдзень, то цяпер атрымоўваецца толькі два разы на месяц.

Інтэрнэт-крама:

“Зараз могуць працаваць толькі тыя крамы, якія ставяць меней курс. Калі ў іх долар па 6100 рублёў, то людзі ім тэлефануюць і тэлефануюць. А крамы збіраюць замовы і думаюць, як перарабіць іх пад курс 6300 рублёў за долар.”


Супрацоўнік кажа, што валюту набываюць, як і ўсе астатнія, — праз чэргі ў банках. І нават звяртаюцца да людзей, якія стаяць у чэргах за грошы. Ёсць спецыяльны сайт, дзе можна замовіць такую паслугу. 10 гадзін стаяння ў чарзе каштуе каля 80 тысяч рублёў. З меркаваннем Нацбанка аб тым, што долар павінен каштаваць 5 тысяч рублёў на ўсіх сегментах рынку, інтэрнэт-крамы не згодныя. У гэтым пытанні крамы больш давяраюць МВФ.

“У інтэрнэт-крамах болей прытрымліваюцца рэкамендацыі МВФ — адпусціць курс валют. Хай курс будзе скакаць на ўзроўні 6-7 тысяч рублёў, але долар можна будзе набыць. Па кошце 5000 рублёў долар ніколі не з’явіцца ў Беларусі”.

Калі тавары ў інтэрнэт-крамах у рублях падаражэлі, то лятаць за беларускія грошы стала танней. Карэспандэнту Еўрарадыё прапанавалі квіток з Мінска ў Шанхай і назад за 8622000 рублёў ці 958 еўра. То бок курс еўра ў “Турэцкіх авіялініях” — 9000 рублёў. Гэта на 1800 рублёў танней, чым 2 тыдні таму (10800 рублёў). А вось у нацыянальнай авіякампаніі “Белавіа” курс еўра не змяніўся. Зараз там еўра каштуе 7300 рублёў — крыху болей за афіцыйны курс Нацбанка (7091 рубель).


Карэспандэнт Еўрарадыё замовіў на сайце aw.by паветраны фільтр для “Mazda” 1999 года па кошце 92700 рублёў. Пры разліку валютай аплата склала 10,65 еўра, ці 14,11 долара. Такім чынам курс еўра за два тыдні не змяніўся — 8700 рублёў. Курс долара — 6560 рублёў.

цяпер

2 тыдні таму

6 тыдняў таму

Інтэрнэт-крамы

6300-6500

6200

4000-4200

Нацбанк

4985

4981

3061

Латвійскі банк Rietumu

рубель зняты з канвертацыі

7600

5350

Турфірмы

8500

8500

5000-5500

Крама аўтазапчастак aw.by* (еўра)

8700

8700

7100

Фота: newsby.org