Ірландскі прэм’ер падарожнічае лоўкостам
Энда Кені скарыстаўся паслугамі авіякампаніі Ryanair, каб адправіцца ў Марсэль на кангрэс Еўрапейскай народнай партыі.
Як паведамляе The Guardian, кіраўнік ірландскага ўрада палічыў такі варыянт падарожжа разумным ва ўмовах, калі яго краіна атрымлівае крэдытную дапамогу ад ЕС і МВФ. Як вядома, Ryanair прапаноўвае сваім кліентам адны з самых танных у Еўропе авіябілетаў дзякуючы эканоміі на розных выдатках.
СМІ пры гэтым адзначаюць, што для Кені ў падобнай эканоміі сродкаў няма нічога незвычайнага. На працу ён часцяком дабіраецца пешшу, размаўляючы пры гэтым з выпадковымі мінакамі.