Ірына Халіп атрымае прэмію нямецкага ПЭН-цэнтра

Ірына Халіп паведаміла пра гэта ў каментары Еўрарадыё:

Халіп: "Я ўчора атрымала ліст ад віцэ-прэзідэнта нямецкага ПЭН-цэнтра, у якім ён напісаў, што мае гонар абвясціць, што ПЭН-цэнтр абраў мяне ў гэтым годзе як чалавека, які безумоўна заслугоўвае гэтай прэміі. А ўжо за якія заслугі — ён не тлумачыў, а я, шчыра кажучы, не асабліва задумвалася на гэты конт... Ведаеце, кампанія цудоўная! Я ведаю, што ў розныя гады гэтую прэмію атрымлівалі і Гюнтэр Грас, і Гаральд Пінтар, і Ганна Паліткоўская, з якой я працавала ў "Новой газете". Цудоўная кампанія! Годная вельмі..."

Уручэнне прэміі адбываецца штогод перад Міжнародным днём зняволеных пісьменнікаў, які адзначаецца 15 лістапада. Сёлета цырымонія пройдзе 11 лістапада.

Асабіста атрымаць прэмію Халіп не зможа. Нагадаем, што паводле прысуду па "справе аб масавых беспарадках" яна не можа выязджаць за мяжу. Журналістка паведаміла Еўрарадыё, што яна, магчыма, будзе прысутнічаць на ўручэнні прэміі віртуальна — напрыклад, праз скайп ці ў праз відэазварот.

Прэмія імя Германа Кестэна ўручаецца штогод літаратарам і журналістам за выбітныя заслугі ў абароне правоў чалавека ці тым з іх, хто трапляе пад палітычныя рэпрэсіі.

Фота — nn.by