Ірына Вештард: Ляўковіч не варты выедзенага цэнта

Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя падала ў суд скаргу на адмову Мінюста рэгістраваць змены ў статут партыі. У сваю чаргу Мінюст адмовіўся гэта рабіць на падставе таго, што з’езд БСДП (Грамада) быў нелегітымным. Старшыня БСДП Ірына Вештард мяркуе, што Міністэрства юстыцыі наўмысна не прызнае вынікі ўжо двух з’ездаў партыі, бо хоча паставіць старшынём Анатоля Ляўковіча. Пры гэтым кіраўніца БСДП абяцае, што “ніколі ў жыцці гэтага не будзе”.

“Буду шалёна вам усім удзячная, калі вы перастанеце з Ляўковічам вазіцца, як з непатрэбным элементам. Ён для нас не варты выедзенага цэнта. Ён з лютага гэтага года выключаны з партыі і мы яго не пусцім нават на парог. Бо ён ніводнага прыстойнага крока за апошнія тры гады для партыі не зрабіў. І я лічу, што розныя радыёстанцыі часам робяць піяр-кампаніі, калі імкнуцца расказваць пра Ляўковіча”, — заявіла Ірына Вештард у жывым эфіры Еўрарадыё.