Іспанская паліцыя вінаваціць сербскую мафію ў людаедстве

Яе чальцоў падазраюць у забойстве і з'ядзенні чалавека, паведамляе РБК. Па звестках паліцыі, 37-гадовага Мілана Юрышыча мафіёзі западозрылі ў тым, што ён выкраў у іх грошы. Юрышыч спрабаваў схавацца ў Мадрыдзе, але яго знайшлі і забілі.

Як выявілася, пасля забойства лідар бандытаў Лука Божавіч прымусіў іншых чальцоў банды з'есці яго рэшткі. Косткі загінулага, выкінутыя ў раку Мансанарэс у сталіцы Іспаніі, паліцыя выявіла ў 2009 годзе.

"Земунскі клан" — банда, створаная ў Бялградзе. Лічыцца, што яе чальцамі сталі былыя югаслаўскія спецназнаўцы, якія ў 90-я гады пераключыліся на злачынную дзейнасць. Менавіта гэта група забіла прэм'ер-міністра Сербіі Зорана Джынджыча ў сакавіку 2003 года. Тады ж сербская міліцыя разграміла групоўку, шмат хто з яе ўдзельнікаў збег за мяжу.