Калінкавіцкі чыноўнік абвяргае чуткі пра свой арышт

Зранку ў СМІ з'явілася навіна, нібыта брат гомельскага мэра, які ўзначальвае райвыканкам Калінкавічаў, таксама апынуўся за кратамі. Паведамлялася, быццам спярша ён сышоў у адпачынак, потым "захварэў", а нядаўна яго арыштавалі.

У каментары "Комсомольской правде" Іван Піліпец асабіста паведаміў, што знаходзіцца на працоўным месцы і ніякай заявы на сыход не пісаў.

Нагадаем, яго брата Віктара Піліпца ўзялі пад варту 19 верасня. Гомельскага мэра падазраюць у перавышэнні ўлады ці службовых паўнамоцтваў. Скандал разгарэўся з-за кватэр, якія гомельскія чыноўнікі куплялі па зніжаных коштах, а потым перапрадавалі ў тры разы даражэй.

Фота — archive.needful.ru