Карагін: Рэальны кошт долара — 4000 рублёў!

Адзін з афіцыйных лідараў беларускіх прадпрымальнікаў Уладзімір Карагін вынікам сённяшніх таргоў дадатковай сесіі Беларускай валютна-фондавай біржы здзіўлены не быў. Нягледзячы на тое, што ўсе камерцыйныя банкі пасля яе выставілі курс долара, большы за 8000 рублёў.

Карагін: “Маё меркаванне — добра, што сёння гэтыя таргі прайшлі, што мы ўжо маем кропку для ацэнкі рынкавага кошту долара ў Беларусі. Хаця, думаю, што гэта першая такая праца. Яна дае арыенціроўку. Перакананы, што рэальны курс значна ніжэйшы. Найбольшы кошт долару, пра што гавораць глыбокія нашы даследаванні, наўрад ці перавышае чатыры тысячы рублёў”.

На думку Уладзіміра Карагіна, праз паўтара-два месяца курс у абменніках з васьмі тысяч дасягне “рэальнага” ў чатыры тысячы. Ён лічыць, што для гэтага дастаткова рэгулярных і пастаянных таргоў.

Карагін: “Калі б таргі праводзіліся пастаянна, рэгулярна, свабодна — будзе выключаная спекулятыўная цікавасць да гэтага пытання, разнастайная непрагназавальнасць. Таму я думаю, што ўрад і Нацыянальны банк знаходзяцца на правільным шляху. Спадзяюся, што наступныя таргі паступова выраўняюць гэтае пытанне. Я ўспрымаю як факт, арыенціроўку”.