Карэспандэнт Еўрарадыё: Выбух адбыўся не ў вагоне, а на платформе
Назіраннямі пра тое, што адбылося на "Кастрычніцкай" 11 красавіка, дзеліцца карэспандэнт Еўрарадыё Ілля Маліноўскі, які быў на месцы выбуху ў 18:20.
Ілля Маліноўскі: "Я прыйшоў сюды і пабачыў дзесьці 15 машын хуткай дапамогі, аднак невядома, ці адпавядала іх колькасць колькасці пацярпелых. Адна пад'язджае, другая ад'язджае. Людзей эвакуявалі адразу з двух выхадаў, і афіцыйныя прадстаўнікі нічога не паведамляюць. Кажуць: мы самі не ведаем, што тут было, дайце нам самім разабрацца. Адзінае, што пацверджана ўжо, што ёсць загінулыя, не сказалі колькі. На ўласныя вочы я бачыў мінімум трох памерлых. Шмат людзей у дрэнным стане.
Напачатку бракавала «хуткіх», і я бачыў, што з іх даставалі тых, хто ўжо памёр і клалі жывых, за каго яшчэ можна змагацца. Ад пераходу АМАП людзей пачынае адціскаць, і досыць далёка. Я ўжо знаходжуся каля Купалаўскага тэатру, а адціскаюць яшчэ далей. Магчыма, адціскаюць дзеля таго, каб, калі адбудзецца яшчэ адзін выбух, як мага менш людзей пацярпела. Напэўна, тых хто быў у метро ўсіх ужо дасталі.
Я паразмаўляў з хлопцам, які гэта ўсё бачыў, ён спускаўся ўніз, гэта было не ў вагоне, а на платформе. Ён не мог сказаць, пасярэдзіне платформы ці дзе. Па ягоных словах, гэта быў моцны выбух, было і полымя. Ён бачыў, як ляцелі людзі. Ён сказаў, што нават дах абваліўся. Аднак афіцыйны прадстаўнік сказаў, што дах не абвальваўся, але, магчыма, зляцелі нейкія падвясныя алюмініевыя абудовы столі. Аднак нейкага глабальнага разурэння станцыі няма.
Афіцыйныя прадстаўнікі не адмаўляюць таго, што выбуховая прылада была напакаваная нейкай карцеччу. Людзі былі з ірванымі ранамі. Вельмі падобна на гэта".