Католікі святкуюць Божае Нараджэнне
Разам з імі ў гэты дзень адзначаюць Раство пратэстанты, а таксама ўніяты.
Божае Нараджэнне 25 снежня святкуюць праваслаўныя цэрквы Грэцыі, Румыніі, Балгарыі, Польшчы, Сірыі, Лівана і Егіпта, а таксама грэка-каталікі, якія прытрымліваюцца юліянскага календара.
Раство — адно з самых урачыстых рэлігійных святаў. Яно прысвечана нараджэнню Паннай Марыяй Сына Божага Ісуса Хрыста. Святкаванне Раства ў каталікоў працягваецца восем дзён, з 25 снежня па 1 студзеня, якія ўтвараюць Актаву Раства. Другі дзень свята, 26 снежня, прысвячаецца памяць святога першапакутніка Стэфана, трэці, 27 снежня — памяці святога апостала і евангеліста Яна Багаслова; чацвёрты дзень, 28 снежня — памяці святых Нявінных Немаўлят Віфліемскіх (у гэты дзень святары даюць асаблівае дабраславенне дзецям). 30 снежня адзначаецца свята Святога Сямейства, а 1 студзеня — Урачыстасць Найсвяцейшай Божай Маці.
З нагоды аднаго з найбуйнейшых хрысціянскіх святаў з пастырскім пасланнем да вернікаў звярнуўся мітрапаліт Мінска-Магілеўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
У сваім пасланні святар задаецца пытаннем: якім чынам сучасныя хрысціяне ўспрымаюць сакрамэнт Божага Нараджэння? Ці не з’яўляюцца радасць і супакой свята толькі вонкавым выражэннем святочнага настрою, а само Нараджэнне сапраўды рэлігійным, а не традыцыйным?
“Такія і падобныя пытанні мы павінны задаваць сабе сёння, калі свет перажывае крызіс веры і калі цунамі секулярызму з традыцыйна хрысціянскіх краін чыніць духоўную пустыню", — адзначае мітрапаліт.
"Год веры, які мы адзначаем, заклікае нас глядзець на ўсё вачыма веры, — адзначае Тадэвуш Кандрусевіч. — Таму ў яе святле адносна свята Божага Нараджэння можа быць толькі адзін адказ — гэта боска-чалавечае свята".
Мітрапаліт згадаў пра актуальную тэму правоў чалавека, іх парушэнні і пра карані гэтай з’явы. "У сучасным свеце вельмі шмат гаворыцца аб правах чалавека і аб іх парушэнні. Гэтаму няма чаго дзівіцца, бо там, дзе губляецца вера і сэнс Божай годнасці, не захоўваецца таксама і годнасць чалавека", — адзначаецца ў пасланні.
Арцыбіскуп Кандрусевіч шчыра павіншаваў са святам Божага Нараджэння католікаў, усіх хрысціян, хто адзначае гэтае свята, а таксама “ўсіх людзей добрай волі”.
"Няхай свята Божага Нараджэння стане святам усіх людзей! Няхай унясе ў нашае асабістае жыццё і жыццё нашага грамадства супакой і ўзаемнае разуменне! Няхай прынесенае Хрыстом святло асвятляе наш жыццёвы шлях! Няхай усім нам спадарожнічае радасць і шчасце! Божае Дзіцятка, падымі сваю руку і благаславі нашу Бацькаўшчыну — Беларусь!", — цытуе пастырскае пасланне БелаПАН.