Каталікі святкуюць Перамяненне Пана
Гэтае свята звязваюць з цудам, якое Езус Хрыстос здзейсніў напрыканцы свайго зямнога шляху перад трыма апосталамі Пятром, Якавам ды Янам.
Хрыстос прывёў сваіх вучняў на гару Фавор і адкрыў, што яму належыць пакутваць за людзей, памерці на крыжы і ўваскрэснуць. Там ён перамяніўся перад апосталамі: твар яго заззяў, а вопратка зрабілася асляпляльна белай. Два прарокі Старога Запавету Маісей ды Ілія з’явіліся Госпаду на гары і размаўлялі з ім. А голас Бога Айца са светлага воблака сведчыў пра Боскасць Хрыста.
Лічыцца таксама, што свята Перамянення Пана звязана са старазапаветным святам асвячэння пладоў. Так, на Ўсходзе ў пачатку жніўня выспяваюць злакі і вінаград, якія хрысціяне прыносяць у храм для блаславення.