КДБ знайшоў пагрозу тэракта ў Гомелі (абноўлена, дадалося відэа)

Выбуховае прыстасаванне было схаванае каля касы. На той момант касірка разлічвала двух пакупнікоў, адзін з якіх быў з маленькім хлопчыкам. Касірка распавяла, што выбух быў слабы, нібы ад петрады.


Гомельскі сайт Оdsgomel.org паведамляе, што, магчыма, выбух адбыўся ў невялікай краме “Вёсны”. Менавіта каля яе 19 красавіка былі заўважаныя машыны спецыяльных службаў і “хуткай”. Па словах карэспандэнта сайта, адзін з міліцыянтаў каля той крамы патлумачыў, што тут ідуць вучэнні. Пазней супрацоўнікі Оdsgomel.org параўналі інтэр’ер “Вёснаў” з крамай, паказанай у выпусках навін на дзяржаўных тэлеканалах, і прыйшлі да высновы, што гэта найхутчэй адна і тая ж установа.

Паводле інфармацыі ўпраўлення Камітэта дзяржбяспекі па Гомельскай вобласці, 19 красавіка ў адной з крамаў горада адбыўся інцыдэнт. У той дзень прыкладна а 13.58 спрацавала нейкае самаробнае прыстасаванне, у выніку чаго адзін чалавек атрымаў нязначныя цялесныя пашкоджанні. “Экспертыза пакажа, ці было гэта менавіта выбуховае прыстасаванне”, — патлумачылі БЕЛТА ў КДБ.

Аднак крымінальную справу па ч.1 арт.290 (пагроза актам тэрарызму) па факце гэтага інцыдэнту завялі. Версія спецслужбаў — “разборкі” паміж арганізатарамі каналаў нелегальнай міграцыі з ліку замежнікаў, якія прыбываюць пад выглядам навучання ў гомельскіх ВНУ.

Асобныя элементы прыстасавання, знойдзеныя на месцы злачынства, не вырабляліся ў Беларусі і паказваюць на іх замежнае паходжанне. Цяпер спецслужбы шукаюць двух асобаў ва ўзросце ад 25 да 35 год.

Апроч версіі з нелегаламі, следствам адпрацоўваюцца і іншыя магчымыя варыянты.

Газета “Наша Ніва” адзначае, што на сайце КДБ пра крымінальную справу не паведамляецца. Але пры гэтым сайт камітэту змяшчае анонс міжведамасных камандна-штабных вучэнняў па тэме “Арганізацыя і ажыццяўленне захадаў дзяржаўнага рэагавання на акты тэрарызму”.

Згодна з паведамленнем, яны мусілі адбыцца 19 красавіка ў Гомелі. У анонсе, між іншага, адзначаецца, што “актуальнасць праблемы тэрарыстычнай пагрозы звязана з актывізацыяй спроб арганізацыі каналаў незаконнай перапраўкі праз тэрыторыю Рэспублікі Беларусь у краіны Еўрасаюза выхадцаў з краін з неспрыяльнай ў міграцыйным плане становішчам, у тым ліку тых, хто праходзіць па уліках рызыка-прагнозаў тэрарыстычнай накіраванасці”.

Звяртае на сябе ўвагу і такі момант: інцыдэнт у Гомелі адбыўся неўзабаве пасля з’яўлення інфармацыі пра магчымыя змены ў арганізацыі працы на заходняй мяжы Беларусі ў адказ на санкцыі з боку ЕС. 18 красавіка па прэсе разышлося паведамленне крыніцы ў Дзяржаўным памежным камітэце пра тое, што, улічваючы цяперашнюю сітуацыю, беларускае пагранведамства пераходзіць да ажыццяўлення аховы мяжы ў палегчаным рэжыме.