Кэтрын Эштан не застанецца на другі тэрмін

“Магчымасць другога тэрміну выключаная. Гэтая пасада павінна перайсці да кагосьці іншага”, — падкрэсліла Кэтрын Эштан. З яе слоў, узначальваць замежнапалітычную службу ЕС “даволі цяжка”, паведамляе ИТАР-ТАСС. “Даводзіцца шмат падарожнічаць і значную частку часу праводзіць у самалётах”, — патлумачыла яна.

“Ёсць людзі, якія здолеюць рабіць тыя рэчы, якія я, магчыма, не змагла б, — дадала брытанская баранэса. — Таму было б добра перадаць гэтую пасаду”.

У 2009 годзе саміт ЕС у адпаведнасці з Лісабонскай дамовай прыняў пастанову аб стварэнні паўнавартаснага замежнапалітычнага органа Еўрасаюза, функцыі якога павінны набліжацца да паўнамоцтваў міністэрства замежных спраў.

Эшта знаходзіцца на пасадзе вярхоўнага прадстаўніка ЕС з лістападу 2009 года. Такім чынам, у 2014 годзе яе паўнамоцтвы скончацца і яна не скарыстаецца магчымасцю адпрацаваць яшчэ адзін пяцігадовы тэрмін.