КХП-БНФ атрымала дазвол на шэсце і мітынг у Мінску
Сталічныя ўлады дазволілі Кансерватыўна-хрысціянскай партыі — БНФ правядзенне традыцыйнага шэсця і мітынгу, прысвечанага дню памінання продкаў "Дзяды".
Як інфармуе БелаПАН, збор удзельнікаў дазволены 4 лістапада каля Палаца культуры "Лошыцкі" з 12.00 да 12.30. Удзельнікі шэсця пройдуць па вуліцы Маякоўскага і правядуць мітынг (з 13.30 да 15-й гадзіны) у Лошыцкім яры, месцы пахавання ахвяраў сталінскіх рэпрэсій.
Лошыцкі яр — адно з дзевяці месцаў у сталіцы, дзе ў 1930-1940-я гады савецкія карныя органы расстрэльвалі бязвінных людзей. На месцы пакарання і пахавання ахвяраў сталінізму ў 1995 годзе па ініцыятыве БНФ "Адраджэньне" і таварыства "Мартыралог Беларусі" быў устаноўлены 5-метровы драўляны крыж.
Фота — bymedia.net