Хрысціяне-баптысты Брэста адзначаюць 90-годдзе суполкі

Як паведаміў гісторык-краязнаўца Ігар Бараноўскі, менавіта 90 гадоў таму, у 1921 году адбыліся адны з першых хростаў евангельскіх хрысціянаў-баптыстаў у Брэсце, а таксама прайшлі першыя набажэнствы.

Вядома,  што сярод першых брэсцкіх місіянэраў быў і адзін з дзеячоў БНР Лукаш Дзекуць-Малей. У 1920 годзе ён выступіў з ініцыятывай перакладу на сучасную беларускую мову Бібліі. Ён пераклаў чатыры Евангеллі і выдаў іх асобнымі кніжкамі ў 1927 годзе ў Лодзі. У 1931 годзе выдаў накладам 25 тысячаў асобнікаў "Новы Запавет Госпада нашага Ісуса Хрыста і Псалмы", які падрыхтаваў сумесна з вядомым беларускім дзеячам Антонам Луцкевічам.