Коктыш: Ціск Масквы на Мінск будзе ўзрастаць

Такое меркаванне ў прамым эфіры Еўрарадыё выказаў палітолаг Кірыл Коктыш, каментуючы апошнія заявы кіраўніка МЗС Расіі Сяргея Лаўрова.

Нагадаем, Лаўроў сёння на брыфінгу ў Маскве заявіў, што масавыя арышты ў Беларусі пасля выбараў з'яўляюцца непрымальнымі. Ён падкрэсліў, што Расія актыўна ўдзельнічала ў выпрацоўцы рашэння камітэта міністраў Савета Еўропы, у якім утрымліваюцца патрабаванні "неадкладна вызваліць арыштаваных, забяспечыць шанаванне правоў чалавека, палітычных свабод, паважаць еўрапейскія каштоўнасці і прынцыпы".

І хаця Лаўроў заклікаў у рашэнні "беларускага пытання" выкарыстоўваць не санкцыі, а дыялог і супрацоўніцтва, палітолаг Коктыш не бачыць у гэтым супярэчнасці.

На яго думку, Лукашэнку ўдалося зблізіць пазіцыі Еўрасаюза і Расіі адносна Беларусі. "Расія стрымліваецца ад больш рэзкіх ацэнак, толькі пакуль захоўваецца моцная залежнасць ад нафтавага і газавага транзіту праз Беларусь. Пасля ўводу БТС-2 і абводных газаправодаў яна будзе сама фармуляваць палітычныя ацэнкі, не чакаючы, пакуль гэта зробіць Еўрасаюз", — кажа палітолаг.