Крамы не падымаюць кошты нават пасля дазволу Мінэканомікі
Еўрарадыё праверыла, ці павысілі крамы гандлёвыя надбаўкі пасля таго, як кошты на сацыяльна значныя тавары былі “размарожаныя”.
14 ліпеня дырэктар дэпартаменту цэнавай палітыкі Мінэканомікі Ігар Фамін гаворыць, што “замарожванне” коштаў спыненае. Праходзіць тыдзень. Але кошты на сацыяльна значныя тавары істотна не змяніліся. Ва ўніверсаме “Магілёўскі” кажуць, што гандлёвыя надбаўкі пакуль павялічваць не збіраюцца.
“На вэнджаныя вырабы можам круціць надбаўку 30 адсоткаў, а мы робім 15. На многія тавары нават знізілі надбаўку. Які прыбытак, калі ў чалавека няма грошай”.
У сталічным “Цэнтральным” Еўрарадыё запэўніваюць, што ні на адзін тавар гандлёвую надбаўку не паднялі. А павышэнне коштаў тлумачаць высокімі адпускнымі цэнамі пастаўшчыкоў. Каб тавар не прападаў, часам прыходзіцца працаваць у страту.
“А што рабіць, калі не купляюць — не выкідаць жа! Хай людзі купяць танней. Нічога страшнага”.
А вось у краме “Акіян” на вуліцы Казлова кажуць, што апошнім часам і пастаўшчыкі адпускныя цэны зніжаюць.
“Зараз больш-менш стабільна. І нават самі фірмы зніжаюць, кошты ўпалі. На гарбату, каву фірмы апускаюць кошты. Ставім надбаўкі 30 адсоткаў. Надбаўка на рыбу — 23 адсоткі, на сыры — 22 адсоткі, соль — 30 адсоткаў, на крупы — 30 адсоткаў”.
Па словах выканаўцы абавязкаў начальніка ўпраўлення антыманапольнай і цэнавай палітыкі Мінгарвыканкама Мікалая Крыжэвіча, перавышэнняў гандлёвых надбавак было няшмат.
“Кагосьці каралі. Нядаўна больш за 800 тысяч у адной крамы налічылі перавышэнне. Можам накласці штраф да 40 базавых. За паўгода прымянілі санкцый на 16 мільёнаў”.
Як даведалася Еўрарадыё, некаторыя пастаўшчыкі нават адмаўляюцца пастаўляць рыбу, бо праз вялікія цэны прадаць яе сёння вельмі цяжка.
Фота: immigrant-press.ru