Крутому правядуць паўторную псіхіятрычную экспертызу?

Паводле Крутога, супрацоўнік спецчасткі паведаміў яму, што суд прызначыў правесці паўторную судова-псіхіятрычную экспертызу. Вязень перажывае, што цяпер у любы момант яго перавядуць з Валадаркі ў 30-е аддзяленне судова-псіхіятрычных экспертыз у Навінках, адкуль ён не зможа ліставаць. Аднак па рашэнні суда ў шпіталі Крутому могуць даць спатканне са сваякамі.

Таксама Круты піша, што ўжо другі тыдзень не атрымоўвае лістоў ад дачкі Інэсы. Мужчына перажывае за траўмаваную ў тэракце дачку і жонку-інваліда, якія засталіся без кармільца. Круты просіць сваякоў дапамагаць дачцы і жонцы, якім праз здароўе цяжка нават прыгатаваць ежу.

Зараз справа Крутога перанакіравана на пераразгляд у суд Маскоўскага раёна Мінска.

Нагадаем, Аляксандр Круты быў затрыманы ў верасні 2011 года ў Мінску па абвінавачанні ў хуліганстве. Пасля пракуратура накіравала яго ў Навінкі. На судзе аб тэракце ў метро мужчына паводзіўся вельмі актыўна, выступаў з шэрагам хадайніцтваў. У тым ліку ён прасіў перанесці працэс над Канавалавым і Кавалёвым да адмены ў Беларусі смяротнага пакарання.